ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Праграма па беларускай мове для X класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (павышаны ўзровень) падрыхтавана ва ўмовах пераходу сістэмы адукацыі на профільнае навучанне і дапрофільную падрыхтоўку.Праграма складзена з улікам узроставых асаблівасцей вучняў (10—11 класы) і псіхолага-педагагічнай дыферэнцыяцыі і рэалізуе сістэмна-функцыянальны, камунікатыўна-дзейнасны, лінгвакультуралагічны і кампетэнтнасны падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу, у адпаведнасці з якімі навучанне, выхаванне і развіццё асобы ажыццяўляецца на аснове засваення не толькі прадметных ведаў, уменняў і навыкаў, а і ўніверсальных вучэбных дзеянняў, актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў, іх гатоўнасці да самаразвіцця і самаадукацыі.
Мэта навучання беларускай мове на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (павышаны ўзровень) прадугледжвае не толькі падагульненне і сістэматызацыю, але і пашырэнне ведаў па прадмеце ў параўнанні з базавым узроўнем, замацаванне і развіццё моўных і маўленчых уменняў і навыкаў, павышэнне матывацыі да працягу адукацыі па выбраным профілі, авалоданне некаторымі прафесійна арыентаванымі кампетэнцыямі.
У сувязі з гэтым змест праграмы накіраваны на рэалізацыю наступных задач:
- пашырэнне ўяўленняў пра беларускую мову як культурную каштоўнасць народа, яе ролю ў жыцці чалавека і грамадства, сувязі з нацыянальнай і сусветнай культурай;
- азнаямленне са сферай лінгвістыкі і беларусістыкі як гуманітарных дысцыплін;
- сістэматызацыя, замацаванне і пашырэнне ведаў пра беларускую мову і моўныя адзінкі розных узроўняў (фанетыку, склад слова, словаўтварэнне, лексіку і фразеалогію, марфалогію і сінтаксіс), правілы і асаблівасці функцыянавання моўных адзінак у маўленні, моўныя нормы (арфаэпічныя, лексічныя, арфаграфічныя, граматычныя, пунктуацыйныя, нормы маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін);
- валоданне навыкамі вуснай і пісьмовай камунікацыі (успрыманне, разуменне, перадача, прадуцыраванне);
- развіццё навыкаў аналітычнай дзейнасці ў лінгвістычнай і агульнагуманітарнай сферы: выяўленне, аналіз, класіфікацыя моўных адзінак розных узроўняў, супастаўленне фактаў мовы і маўлення, падбор матэрыялаў для аргументацыі пэўных палажэнняў; ацэнка лінгвістычных з’яў з пункта погляду літаратурных норм, камунікатыўнай мэтазгоднасці, развіццё навыкаў лінгвістычных назіранняў, эксперыментаў і г. д.;
- узбагачэнне ведаў пра стылістычную ролю і тэкстаўтваральныя магчымасці моўных адзінак розных узроўняў;
- удасканаленне навыкаў рэдагавання тэкстаў.
У сувязі з арыентацыяй адукацыі на кампетэнтнасны падыход, звязаны з практыка-арыентаваным характарам адукацыйнага працэсу і нацэленасцю на фарміраванне ў вучняў асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый, праграма па беларускай мове накіравана на:
- замацаванне абумоўленых базіснымі нацыянальнымі каштоўнасцямі светапоглядных установак і развіццё індывідуальных і сацыяльных якасцей асобы вучня; выхаванне гатоўнасці да папаўнення ведаў і прымянення іх у жыцці;
- замацаванне і ўзбагачэнне ўніверсальных вучэбных уменняў, звязаных з ужываннем ІКТ-кампетэнтнасці ў навучальнай дзейнасці, пошукам, разуменнем і апрацоўкай інфармацыі, прагназаваннем, планаваннем і кантролем уласнай дзейнасці, акумуляцыяй ведаў па розных вучэбных прадметах;
- фарміраванне цэласнага ўяўлення аб вучэбным прадмеце «Беларуская мова» і пашырэнне сістэмы моўных і маўленчых уменняў і навыкаў для падрыхтоўкі да свядомага выбару будучай прафесіі.
Развіццю прадметных і метапрадметных кампетэнцый садзейнічае разнастайнасць у падачы тэарэтычнага матэрыялу і навучанне працаваць з рознымі відамі вучэбнай інфармацыі. Моўныя звесткі прыводзяцца ў форме дэфініцый, тлумачальнага тэксту, дадатковай даведачнай інфармацыі, вучэбных тэкстаў на лінгвістычную тэму (аб мове, моўных законах, функцыянаванні моўных адзінак у маўленні, аб асобных фактах мовы і маўлення і г. д.).
Асноўны матэрыял прыводзіцца ў форме тэарэтычных палажэнняў, абавязковых для запамінання, частка вучэбнай інфармацыі падаецца ў выглядзе матэрыялу для азнаямлення, праз тэксты практыкаванняў, якія змяшчаюць дадатковы матэрыял, накіраваны на пашырэнне ведаў вучняў.
На ўдасканаленне метапрадметнай кампетэнцыі накіравана пастаянная работа вучняў па стварэнні ўласных тэкстаў у вуснай і пісьмовай форме (па ўзоры, на аснове прапанаваных, уласных назіранняў над мовай, вынікі лінгвістычных даследаванняў, праца з дадатковай лінгвістычнай літаратурай).
Змест адукацыі па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» накіраваны на рэалізацыю шэрагу прадметных кампетэнцый: моўнай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай.
Моўная кампетэнцыя прадугледжвае засваенне сістэмы мовы (фанетыкі, лексікі, фразеалогіі, складу слова і словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу), заканамернасцей і правіл функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, норм беларускай літаратурнай мовы.
На III ступені навучання на павышаным узроўні развіццё моўнай кампетэнцыі вучняў адбываецца ў напрамку пашырэння іх слоўнікавага запасу, у тым ліку за кошт лінгвістычнай і міжпрадметнай тэрміналогіі (лексіка такіх дысцыплін, як мова, маўленне, культура маўлення, стылістыка, рыторыка), знаёмства з літаратурнымі беларускімі творамі, засваенне актуальнай грамадска-палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай лексікі, а таксама развіццё граматычнага ладу маўлення.
Камунікатыўная кампетэнцыя звязана з авалоданнем відамі маўленчай дзейнасці (чытанне, слуханне, гаварэнне, пісьмо) і асновамі культуры вуснага і пісьмовага маўлення, уменнямі і навыкамі выкарыстання мовы ў розных сферах і сітуацыях зносін.
На павышаным узроўні развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі адбываецца за кошт удакладнення і пашырэння відаў лінгвамаўленчай дзейнасці, якія рэалізуюць практыка-арыентаваны характар моўнай адукацыі: складанне плана, тэзісаў і тэксту, падрыхтоўка рэферата, даклада, напісанне анатацыі, рэцэнзіі, мэтанакіраваныя выпіскі, аналітычнае паведамленне на аснове самастойнага вывучэння тэксту (па плане, прапанаваным настаўнікам, а затым па ўласным плане), творчыя працы ў жанры эсэ, нарыса, апавядання і інш.
Лінгвакультуралагічная кампетэнцыя звязана з усведамленнем вучнямі мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і гісторыі народа, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы, валоданнем нормамі маўленчага этыкету, культурай міжнацыянальных зносін.
Вучэбны матэрыял, звязаны з фарміраваннем лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі, пададзены ў раздзелах «Роля мовы ў жыцці чалавека і грамадства» (мова і нацыянальная культура, мова і гісторыя народа і г. д.), «Лексіка. Фразеалогія. Культура маўлення» (безэквівалентная лексіка, фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі і інш.), а таксама праз культуразнаўчыя тэксты.
Прыярытэтнай задачай профільнага навучання становіцца фарміраванне культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, таму засваенне і асэнсаванне ўсіх моўных адзінак на ІІІ ступені навучання адбываецца ў аспекце культуры маўлення, што і перадае назва раздзелаў вучэбнай праграмы: «Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія. Культура маўлення», «Лексіка. Фразеалогія. Культура маўлення», «Марфемная будова слова. Словаўтварэнне. Культура маўлення», «Марфалогія і арфаграфія. Культура маўлення». З гэтай мэтай пашыраюцца веды вучняў пра нормы беларускай мовы (арфаэпічныя, акцэнталагічныя, лексічныя, словаўтваральныя, граматычныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя, стылістычныя), сродкі і прыёмы маўленчай выразнасці, стылістычную ролю і тэкстаўтваральныя магчымасці моўных сродкаў беларускай мовы, ацэнка чужых і рэдагаванне ўласных выказванняў.
ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА
(105 гадзін на год, 3 гадзіны на тыдзень,
з іх 19 гадзін — на пісьмовыя работы)
Роля мовы ў жыцці чалавека і грамадства (1 гадзіна)
Маўленне (6 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пісьмовую работу)
Маўленне як працэс маўленчых зносін. Маўленчая сітуацыя і яе кампаненты.
Віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, слуханне, чытанне і пісьмо. Формы маўленчай камунікацыі: вусная і пісьмовая, дыялагічная і маналагічная. Умовы паспяховых маўленчых зносін.
Пісьмовая творчая работа.
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ
ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ
- Размяжоўваць вуснае і пісьмовае, маналагічнае і дыялагічнае маўленне; даваць характарыстыку маўленчай сітуацыі.
- Адэкватна ўспрымаць вуснае і пісьмовае маўленне, валодаць навыкамі чытання тэкстаў розных стыляў услых і самому сабе, весці дыялог у сітуацыі афіцыйных і неафіцыйных маўленчых зносін.
Тэкст (7 гадзін, з іх 1 гадзіна — на пісьмовую работу)
Тэкст як адзінка мовы і маўлення. Прыметы тэксту: сэнсавая цэласнасць і тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, завершанасць тэксту. Апавяданне, апісанне, разважанне як тыпы маўлення.Пісьмовая творчая работа.
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ
ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ
- Вызначаць адрасата і мэтанакіраванасць тэксту; выяўляць прыметы тэксту, вызначаць тэму і асноўную думку тэксту, даваць зага8
- ловак, дзяліць тэкст на часткі (падтэмы і мікратэмы) і абзацы; вызначаць спосаб і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце, выдзяляць апорныя (ключавыя) словы, словазлучэнні, сказы.
- Аналізаваць і ствараць тэксты розных тыпаў маўлення, складаць іх схемы.
Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія. Культура маўлення
(25 гадзін, з іх 2 гадзіны — на пісьмовыя работы)
Гукавая абалонка слова. Пазіцыйныя і гістарычныя чаргаванні гукаў.
Арфаэпічныя нормы: вымаўленне галосных і зычных гукаў, некаторых спалучэнняў зычных. Акцэнталагічныя нормы.
Стылістычныя магчымасці фанетыкі беларускай мовы.
Кантрольны дыктант.
Прынцыпы беларускай арфаграфіі. Арфаграфічныя нормы: напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе; напісанні, заснаваныя на марфалагічным прынцыпе; правапіс мяккага знака і апострафа, вялікай і малой літар; правілы напісання слоў разам, праз злучок і асобна.
Кантрольная тэставая работа.
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ
ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ
- Ведаць і захоўваць арфаэпічныя і арфаграфічныя нормы ў вусным і пісьмовым маўленні.
- Знаходзіць і выпраўляць вымаўленчыя і правапісныя парушэнні норм літаратурнай беларускай мовы ў чужым і ўласным маўленні, устанаўліваць прычыны парушэння норм.
- Карыстацца стылістычнымі магчымасцямі фанетыкі.
Лексіка. Фразеалогія. Культура маўлення (12 гадзін, з іх 3 гадзіны — на пісьмовыя работы)
Лексічнае і граматычнае значэнне слова. Адназначныя і мнагазначныя словы. Прамое і пераноснае значэнні слова. Амонімы. Паронімы. Сінонімы. Антонімы.
Кантрольнае сачыненне.
Фразеалагізмы, іх роля ў маўленні.
Лексічныя і фразеалагічныя нормы: ужыванне слова ў адпаведнасці з яго лексічным значэннем, адрозненне мнагазначных слоў і амонімаў, правільнае выкарыстанне сінонімаў, антонімаў, паронімаў, правільнае ўжыванне фразеалагізмаў.
Кантрольны падрабязны пераказ тэксту.
Стылістычныя магчымасці лексікі і фразеалогіі.
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ
ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ
- Ведаць прыметы адназначных і мнагазначных слоў, ужытых у прамым і пераносным значэнні; сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў; фразеалагізмаў, іх значэнне.
- Ведаць і захоўваць лексічныя нормы ў вусным і пісьмовым маўленні.
- Вызначаць лексічнае значэнне слоў; размяжоўваць прамое і пераноснае значэнне слова; падбіраць да слоў сінонімы, антонімы, амонімы.
- Выяўляць у сказах, тэкстах фразеалагізмы, разумець іх значэнні, вызначаць сэнсава-стылістычную і сінтаксічную ролю.
- Знаходзіць і выпраўляць лексічныя недахопы ў чужым і ўласным маўленні, устанаўліваць прычыны парушэння нормаў.
- Карыстацца стылістычнымі магчымасцямі лексікі і фразеалогіі; правільна выкарыстоўваць фразеалагізмы ў пэўным кантэксце.
Марфемная будова слова. Словаўтварэнне і арфаграфія. Культура маўлення (11 гадзін, з іх 3 гадзіны — на пісьмовыя работы)
Марфема як мінімальная значымая адзінка мовы. Вытворная і невытворная асновы. Утваральная аснова.
Правапіс і, ы, й пасля прыставак. Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на зычны. Правапіс складаных і складанаскарочаных слоў.
Кантрольны падрабязны пераказ тэксту.
Спосабы ўтварэння слоў. Словаўтваральныя нормы.
Стылістычныя магчымасці словаўтварэння.
Кантрольны дыктант.
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ
ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ
- Усведамляць ролю марфем як мінімальна значымых частак слова; ведаць віды асноў, спосабы ўтварэння слоў.
- Вызначаць у словах марфемы; размяжоўваць вытворныя і невытворныя словы; адрозніваць спосабы ўтварэння слоў.
Марфалогія і арфаграфія. Культура маўлення (39 гадзін, з іх 9 гадзін — на пісьмовыя работы)
Сістэма часцін мовы беларускай мовы.
Назоўнік, яго граматычныя прыметы. Лексіка-граматычныя разрады назоўнікаў. Род і лік назоўнікаў. Скланенне назоўнікаў, правапіс склонавых канчаткаў.
Марфалагічныя нормы: вызначэнне роду нескланяльных запазычаных назоўнікаў і абрэвіятур, неадушаўлёных складаных назоўнікаў; ужыванне нескланяльных назоўнікаў.
Кантрольны дыктант.
Прыметнік, яго граматычныя прыметы. Разрады прыметнікаў паводле значэння. Утварэнне ступеней параўнання якасных прыметнікаў. Утварэнне і скланенне прыметнікаў. Правапіс склонавых канчаткаў і суфіксаў прыметнікаў.
Марфалагічныя нормы: ужыванне поўных і кароткіх прыметнікаў, форм ступеней параўнання якасных прыметнікаў і ўжыванне прыналежных прыметнікаў.
Кантрольнае сачыненне.
Лічэбнік, яго граматычныя прыметы. Разрады лічэбнікаў паводле будовы, значэння і граматычных прымет. Сінтаксічная сувязь лічэбнікаў з назоўнікамі. Скланенне і правапіс лічэбнікаў.
Марфалагічныя нормы: ужыванне колькасных, парадкавых, зборных і дробавых лічэбнікаў; спалучальнасць зборных лічэбнікаў.
Займеннік, яго граматычныя прыметы. Разрады займеннікаў. Утварэнне і правапіс займеннікаў.
Марфалагічныя нормы: ужыванне асабовых займеннікаў, ужыванне прыназоўніка пры адмоўным займенніку, акцэнталагічныя нормы пры скланенні займеннікаў сам, сама, самы, ніхто, нішто.
Кантрольны падрабязны пераказ тэксту.
Дзеяслоў, яго граматычныя прыметы. Формы дзеяслова. Правапіс дзеясловаў.
Дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе як асобыя формы дзеяслова. Граматычныя прыметы дзеепрыметніка. Утварэнне і правапіс дзеепрыметнікаў. Граматычныя прыметы дзеепрыслоўя. Утварэнне і правапіс дзеепрыслоўяў.
Пісьмовая творчая работа.
Марфалагічныя нормы: ужыванне асабовых канчаткаў дзеясловаў, адрозненне канчаткаў дзеясловаў абвеснага і загаднага ладу, ужыванне дзеясловаў з суфіксамі -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-), акцэнталагічныя нормы пры ўтварэнні спрагальных форм дзеясловаў; ужыванне дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў, дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных зваротаў.
Прыслоўе, яго граматычныя прыметы. Разрады прыслоўяў па значэнні. Утварэнне форм ступеней параўнання якасных прыслоўяў. Утварэнне і правапіс прыслоўяў.
Марфалагічныя нормы: адрозненне вышэйшай ступені параўнання прыслоўя ад вышэйшай ступені параўнання прыметніка.
Кантрольны пераказ тэксту.
Прыназоўнік, злучнік, часціца як службовыя часціны мовы. Граматычныя прыметы прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц. Выклічнік і гукаперайманне. Правапіс прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц, выклічнікаў і гукаперайманняў.
Марфалагічныя нормы: ужыванне прыназоўнікаў у словазлучэннях, якія адлюстроўваюць асаблівасці кіравання ў беларускай мове.
Кантрольны дыктант.
Ужыванне часціц не і ні. Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы.
Сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці слоў і іх форм.
Кантрольная тэставая работа.
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ
ДА ВЫНІКАЎ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ВУЧНЯЎ
- Ведаць марфалагічныя прыметы пэўнай часціны мовы і сінтаксічную ролю ў словазлучэннях і сказах, ролю розных часцін мовы ў арганізацыі маўлення, разгортванні і стварэнні тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў.
- Распазнаваць часціны мовы і іх формы ў сказах, тэкстах на аснове іх сэнсавых, граматычных і сінтаксічных прымет; рабіць марфалагічны разбор часцін мовы. Выяўляць пэўныя моўныя адзінкі ў тэкстах, вызначаць асаблівасці іх ужывання ў тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў.
- Мэтанакіравана і свядома ўжываць у вусным і пісьмовым маўленні моўныя адзінкі з улікам пэўнай камунікатыўнай задачы; ствараць самастойныя тэксты рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці з улікам сэнсава-стылістычнай ролі і тэкстаўтваральных магчымасцей слоў розных часцін мовы.
Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага (2 гадзіны)
Рэзервовыя гадзіны (2 гадзіны)
ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ
Беларуская мова : вучэб. дапам. для 10-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш.]. — Мінск :Нац. ін-т адукацыі, 2009.
Беларуская мова : навучальныя і кантрольныя дыктанты і пераказы :
10—11 класы : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш.]. — Мінск :
Аверсэв, 2012, 2014.
Беларуская мова ў 10 класе : вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання /
Г. М. Валочка [і інш.]. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2011.
Валочка, Г. М. Беларуская мова : тэставыя работы : 8—11 класы : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У. Зелянко. — Мінск : Аверсэв, 2013, 2014.
Валочка, Г. М. Беларуская мова. 10—11 класы. Практыкум па арфаграфіі і пунктуацыі : дапам. для вучняў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У. Зелянко,
І. Л. Бурак. — Мінск : Аверсэв, 2012.
Валочка, Г. М. Практыкум па арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы. 10—11 класы : вучэб.-метад. комплекс / Г. М. Валочка,
В. У. Зелянко, І. Л. Бурак. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2010.
Жуковіч, М. В. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М. В. Жуковіч. — Мінск : Аверсэв, 2015.
Зборнік матэрыялаў для выпускнога экзамену па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» за перыяд навучання і выхавання на ІІІ ступені агул. сярэд. адукацыі : тэксты для пераказаў / склад. Г. М. Валочка
[і інш.]. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі; Аверсэв, 2013, 2014.
Зелянко, В. У. Навучанне беларускай мове : лінгвакультуралагічны падыход. 10—11 класы : вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / В. У. Зелянко. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2011.
Калечыц А. І. Дыктанты па беларускай мове. 9—11 класы : дапам. для вучняў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Калечыц, А. К. Пекач, Т. Я. Старасценка. — Мінск : Народная асвета, 2013.
Цыбульская, С. І. Беларуская мова : 5—11 класы : кантрольныя работы : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / С. І. Цыбульская. — Мінск : Сэр-Віт, 2012.
Беларуская мова. Х клас : электронны адукацыйны рэсурс (adu.by).
СЛОЎНІКІ І ДАВЕДНІКІ
Анисим, Е. Н. Русско-белорусский словарь для школьников /Е. Н. Анисим, О. В. Мицкевич. — Минск : Сучасная школа, 2010.
Беларускі арфаграфічны слоўнік для школьнікаў : дапам. для ўстаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / уклад. : І. У. Кандраценя, Л. П. Кунцэвіч ; пад рэд. А. А. Лукашанца. — Мінск :
Аверсэв, 2011, 2013.
Капылоў, І. Л. Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы для школьнікаў. Новыя правілы правапісу / І. Л. Капылоў, Т. М. Маракуліна. — Мінск : Сучасная школа, 2010.
Капылоў, І. Л. Беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў / І. Л. Капылоў, І. У. Ялынцава. — Мінск : Сучасная школа, 2010.
Капылоў, І. Л. Слоўнік арфаграфічных новаўвядзенняў беларускай мовы / І. Л. Капылоў, Т. М. Маракуліна. — Мінск : Сучасная школа, 2010.
Малажай, Г. М. Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы :
дапам. для ўстаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Малажай, Л. І. Яўдошына. — Мінск : Аверсэв, 2013.
Николаева, О. М. Современный русско-белорусский словарь для школьников / О. М. Николаева, Т. Н. Трухан ; под ред. А. А. Лукашанца. — Минск : Літаратура і Мастацтва, 2009, 2013.
Николаева, О. М. Современный русско-белорусский словарь / О. М. Николаева, Т. Н. Трухан ; под ред. А. А. Лукашанца. — Минск : ТетраCистемс, 2011.
Пішам па-беларуску : даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі : дапам. для агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / З. І. Бадзевіч [і інш. ]. — Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2010.
Пішам па-беларуску : даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі : дапам. для ўстаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / З. І. Бадзевіч [і інш.]. — Мінск : Аверсэв, 2011, 2013.
Разам, асобна, праз злучок : даведнік : дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / склад. : Н. Д. Бандарэнка, І. Л. Капылоў, Т. М. Маракуліна ; пад рэд. А. А. Лукашанца. — Мінск : Аверсэв, 2011, 2013.
Уласевіч, В. І. Беларуска-рускі тлумачальны слоўнік новых слоў і новых значэнняў слоў / В. І. Уласевіч, Н. М. Даўгулевіч. — Мінск : Аверсэв, 2013. — 253 с.
Комментариев нет:
Отправить комментарий